Пастаянна дзеючы семінар для асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў на пасаду кіраўнікоў спраў раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, сёння праходзіць у Барысаўскім раёне. Тэма мерапрыемства – «Сістэмны падыход да арганізацыйна-метадычнага забеспячэння функцыянавання дзяржаўнага органа».

Удзельнікаў сустракалі прадстаўнікі Барысаўскага райвыканкама на чале з кіраўніком спраў райвыканкама Галінай Лукашэвіч. Яны азнаёміліся з працай службы “адно акно” ў Барысаве і аг. Лошніца, дзейнасцю Лошніцкага сельвыканкама, наведалі аддзел ЗАГС Барысаўскага райвыканкама, пабывалі і на іншых аб’ектах.


Пастанова №635 Саўміна – кіраўніцтва ў працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Мерапрыемства працягнулася пленарным пасяджэннем з удзелам кіраўніка спраў Мінаблвыканкама Таццяны Шаўцовай.
З тэмай «Сістэма працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, каардынацыя працы па выкананні патрабаванняў Дырэктывы №2» выступіла начальнік упраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінскага аблвыканкама Аксана Таранда.
Аксана Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу на Пастанове № 635 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2025 года, якой трэба кіравацца ў рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Яна падрабязна спынілася на канкрэтных пунктах дакумента: закранула пералік сфер дзейнасці, у якіх вядзецца кніга “Заўваг і прапаноў”, новай інструкцыі аб парадку вядзення справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама на тэматыцы зваротаў, якая вельмі важная пры рабоце ў адзінай сістэме электроннага дакументазвароту.
У Мінскай вобласці створаны цэнтр кібербяспекі
Тэму інфармацыйнай бяспекі і кібербяспекі раскрыў намеснік начальніка ўпраўлення справамі Мінаблвыканкама Аляксандр Фабрысенка, падкрэсліўшы важнасць арганізацыі працы ў гэтай сферы ў выканкамах на належным узроўні.

Значнасць гэтага напрамку работы таксама адзначыла Таццяна Шаўцова. Яна дадала, што цэнтр кібербяспекі ў вобласці створаны. Ён будзе праходзіць апрабацыю ў Мінаблвыканкаме, і потым вопыт будзе трансфармаваны на раёны.
– Пытанні абароны інфармацыі, кібербяспекі зараз для многіх здаюцца далёкімі, але ў наш час пры імклівым развіцці тэхналогіі гэтая тэма вельмі важная і да яе трэба ставіцца вельмі сур’ёзна, – сказала Таццяна Мікалаеўна.

Удзельнікі пастаянна дзейнага семінара задалі пытанні і падзяліліся сваім вопытам работы.
Напрыканцы Таццяна Шаўцова выказала словы падзякі Барысаўскаму райвыканкаму, кіраўніку спраў райвыканкама Галіне Лукашэвіч за гасціннасць і насычаную праграму, падзякавала ўдзельнікам семінара за актыўны ўдзел у мерапрыемстве.