10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жніво будзе вельмі складаным, таму вельмі важна на месцах дакладна планаваць работу і расстаўляць прыярытэты, каб не страчваць каштоўны час. Гэта адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей Прымачэнка, размаўляючы з журналістамі перад пачаткам пасяджэння аблвыканкама на тэму падрыхтоўкі да ўборачнай кампаніі 2025 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Сяргея Прымачэнкі, у Мінскай вобласці ў кожнай гаспадарцы, у адказных службах райвыканкамаў і сэрвісных арганізацыях добра разумеюць, наколькі сёння важна поўная гатоўнасць да масавага жніва.
“Уборка з улікам умоў надвор’я будзе вельмі складанай. Паўсюдна адзначаецца нераўнамернае паспяванне збожжавых культур. Ужо відавочна, што ўборка азімага ячменю супадзе з уборкай азімага рапсу. І мы ўпершыню сутыкнёмся з гэтым. Калі ў мінулым годзе на аналагічны перыяд мы паспелі ўбраць больш як 20 тыс. га, то ў гэтым годзе толькі пачынаем жніво. Таму вельмі важна ў гаспадарках правільна расставіць прыярытэты і дакладна планаваць работу, каб не страчваць каштоўны час”, – сказаў Сяргей Прымачэнка.
Адно з прыярытэтных пытанняў – гатоўнасць тэхнікі і людзей, якія будуць на ёй працаваць, да перыяду масавага жніва.
“Задзейнічана больш за 1,5 тыс. камбайнаў, больш за 7 тыс. адзінак сельгасмашын будзе штодзённа выходзіць для выканання разнапланавых работ. Паколькі акрамя жніва аграрыям давядзецца выконваць яшчэ дзве важныя задачы – гэта сяўба, а таксама нарыхтоўка кармоў”, – адзначыў ён.
У 2025 годзе агульная ўборачная плошча збожжавых культур у Мінскай вобласці складае больш за 470 тыс. га.-0-