1 студзеня ў Беларусі стартаваў агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Сёння, 8 студзеня, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Алег Румо сустрэўся з супрацоўнікамі Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, а таксама з супрацоўнікамі Мінскай абласной клінічнай бальніцы.
— Мы ўсе займаемся адной важнай справай: ратуем жыцці людзей. І для кожнага з нас гэтая справа ўсяго жыцця. 26 студзеня трэба будзе выбраць чалавека, які будзе будаваць будучыню нашай краіны, – сказаў, вітаючы медыкаў, Алег Алегавіч. – Выбар Прэзідэнта вызначае наша жыццё на бліжэйшыя 5 гадоў.

Гаворачы аб дзеючым Прэзідэнце Беларусі, Алег Румо адзначыў, што ўсе яго добра ведаюць: чыстая, кампактная і мірная Беларусь непарыўна звязана з імем Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве і станаўленні дзяржавы.
Давераная асоба падвяла вынікі апошніх пяці гадоў у галіне медыцыны. Так, пабудавалі сучасны корпус хірургіі і транспланталогіі (2022 г.), аддзяленне стаматалогіі і сківічна-тварнай хірургіі (2022 г.), корпус трансплантацыі касцявога мозгу і ствалавых клетак (2023 г.).
Таксама дзяржава ўклала 3 млн. 670 тыс. еўра ў апарат для лячэння пацыентаў анкагематалагічнага профілю, уключаючы іх падрыхтоўку да перасадкі касцявога мозгу і крывятворных клетак, прамянёвай тэрапіі пацыентаў з наватворамі печані, якія чакаюць трансплантацыю
У 2023 мадэрнізавалі памяшканні для размяшчэння бактэрыялагічнай лабараторыі. А некалькі тыдняў таму адкрыўся Рэспубліканскі касцяны банк на базе аддзялення. І гэта, канешне ж, далёка не ўсе дасягненні за апошнія гады.

— У аснове ўсяго ляжыць каласальная праца, дысцыпліна і пастаяннае развіццё, — зазначыў Алег Алегавіч.

Па завяршэнні выступу Алегу Румо задавалі разнапланавыя пытанні з залы, на якія ён даваў разгорнутыя адказы.
— Сустрэча была вельмі інфарматыўнай і цікавай! Алег Алегавіч – выдатны аратар, яго заўсёды цікава слухаць. Калі набліжаюцца выбары, такія сустрэчы асабліва важныя. Прыемна ўсведамляць, што ён наш калега і адзін з самых выдатных урачоў у краіне, – адзначыў старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі МАКБ Аляксей Стружынскі.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліўся загадчык аддзялення камп’ютарнай тамаграфіі і намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта МАКБ Віталь Рымашэўскі:
— Гутарка была вельмі інфарматыўнай. За апошнія гады і дзесяцігоддзі былі дасягнуты значныя вынікі ў галіне медыцыны, якія гавораць самі за сябе. І гэтыя дасягненні не маюць патрэбы ў дадатковай рэкламе, каб мы зрабілі свой выбар.

Нагадаем, выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 26 студзеня. У перадвыбарнай гонцы ўдзельнічаюць 5 кандыдатаў: дзейны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, індывідуальны прадпрымальнік Ганна Канапацкая, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.